Блог учителя начальных классов / Пазакласнае чытанне «Зімовы дзянёк, што камароў насок»


Хто як зімуе

Генадзь Аўласенка
 
Моцна спіць зімой вавёрка – у яе пад снегам норка.
А ў бярлозе, у бары, смокча лапу лось стары.
 І казуля не ўтрывала, і таксама прыдрамала,
у нары, у гушчары, да вясновае пары.
 Спіць яна і бачыць сны аж да самай да вясны.
Зайцы ў вырай адляцелі, заставацца не схацелі,
бо зімою халады, недалёка да бяды.
 А яшчэ, скажу вам шчыра, і ваўкі зляцелі ў вырай,
 а за імі да пары адляцелі і зубры.
Замест іх павесяліцца прылятуць да нас лісіцы,
каб у нас зазімаваць, падзяўбаць-пачаставаць
ягадак рабіны ды яшчэ каліны.
А бабёр па верхавінках, спрытна скача па галінках.
На сасне ў яго дупло – там утульнае жытло.
Там арэхі пра запас, а запас зімой – як раз!
Усю восень працаваў – шмат арэхаў назбіраў.
І грыбы бабёр шукаў, на галінкі іх чапляў...
 так што зараз у бабра – процьма ўсякага дабра!
Ну, а вожык у бары спіць дзянёчак у нары.
 А прачнецца на змярканні – і бяжыць на паляванне.
А барсук, браткі мае, на зіму гняздзечка ўе!
Там выводзіць дзіцянятак, маладых барсучанятак.
А каб зімку перажыць – любіць шышкі церушыць.
Трушчыць адмыслова, майстра – адно слова!
Ну, а з шышак семяно - вельмі смачнае яно –
ён прыносіць дзіцяняткам, маладым барсучаняткам.
Корміць іх, засцерагае, цёмнай ноччу сагравае,
каб яны хутчэй раслі, каб здаровымі былі.
Вось мядзведзю незадача – ён па гурбах так і скача!
І баіцца, і дрыжыць – небараку цяжка жыць!
Ён не мае абароны ад сарокі ды вароны.
А сарокі кіпці точуць – спаляваць мядзведзя хочуць!
А вароны зубы шчэраць – хочуць бедным адвячэрыць!
Вось такія вось суседзі злыя ў нашага мядзведзя!
Сам жа ён грызе кару ў гэту цяжкую пару.
Можна ўбачыць па слядах – як ён бегаў па садах,
як скакаў туды-сюды, як заблытваў ён сляды,
каб у снезе дзень ляжаць ды ад страху зноў дрыжаць...
А цяпер, сябры, увага! Можа будзе ў вас заўвага?
Можа штосьці я змяніў, можа дзесьці я зманіў?
Вы ж памылкі пашукайце, дзе што трэба – памяняйце,
каб звяры не бедавалі, а як трэба зімавалі.
Пастарайцеся, сябры – дзякуй скажуць вам звяры!
 
Белы вярблюд

Мікола Маляўка

Ноч усю завея
Чаравала тут,
I ля самых весніц
Ён ляжыць, вярблюд.

Ды не аднагорбы,
Не маленькі, не —
Два гарбы, як торбы,
На яго спіне.

Дружбакі прыбеглі
Паглядзець на цуд.
Ён яшчэ і белы,
Гэты наш вярблюд.

Будзім — не разбудзім,
Ды смяёмся ўсе.
I на ім, вярблюдзе,
Ездзім па чарзе.

Пакатацца верхам
Хоча нават кот.
Вось які завея
Намяла сумёт.





“Зімовае сонца” 
А.Вольскі

Сонца ў студзені дурэе –
толькі свеціць,
ды не грэе.

Снег блішчыць,
аж вочы слепіць.
Снежных баб
ніхто не лепіць.

А мароз,
сухі ды колкі,
точыць тонкія іголкі.

Падыходзіць –
бокам, бокам.
І не ўгледзіш
простым вокам.

Зробіш
тры-чатыры крокі –
пабялеюць
нос ды шчокі.

І пад сонцам –
дзіўна як! –
ператворышся ў лядзяк.

Ясны дзень,
ды невясёлы.

Так здараецца ў жыцці.
Дзецям нават
сёння ў школу
забаронена ісці.

Пацяплела б –
хоць бы трошку!
Сумна,
крыўдна
аж да слёз.
Шыбы,
нібы
ў класе дошку,
размалёўвае мароз.

І праз гэта
у акно
анічога не відно.

Толькі недзе апаўдні
дзень зацьміўся яркі,
бо схавала прамяні
сонейка за хмаркі.

Хоць цямней
адразу стала,
ды акно
крыху адтала.

Закружыліся сняжынкі.
Б'юць ціхутка па акне.
Быццам новыя сцяжынкі
пракладаць
завуць мяне.

Я хапаю лыжы звыкла
і – за дзверы.
І - далей!..
Вось як дзіўна:
сонца знікла,
а зрабілася цяплей!

Самоподготовка
  • 1
  • интересно
  • Volhateacher
  • 3 января 2019 00:29
Ответить автору поста
Volhateacher
33 поста
Последние комментарии
annett
Marleniken сёння ў 09:53
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}